Уладзiмiр Арлоў
Ян Баршчэўскi
Мы сустрэнемся
на пецярбургскiм гасцiнцы,
недзе каля Клясцiцкай царквы,
а найверагодней – карчмы,
пад Янаў дзень,
6о ты ўжо павiнен прайсцi
большую частку шляху
з Санкт-Пецярбурга ў Полацк
(гэты шлях, мiж iншым,
карацейшы, чым наадварот,
што не раз даказвала Клiо),
адпачываючы ад прыватных урокаў
лацiны i грэцкай,
згадваючы ўхвальныя словы
самога Мiцкевiча
(зрэшты, без вялiкага пiетэту),
якi два-тры разы пагартаў
твае вершы.
Ёселевы прусакi
не здолеюць атруцiць
смаку журавiнававай палёнкi
(хоць у полацкiх айцоў-езуiтаў
яна, безумоўна, мацнейшая).
Кабета Iнсекта з Белай Сарокай
пакiнуць нас у спакоi,
праўда,
мiльгануцца перад агменем
велiзарныя ценi
Стаўраў i Гаўраў.
Урэшце
ў доме павятовага маршалка
сцвярджаюць, што i ты
частку дарогi са сталiцы
адольваеш наўпрост
у аблiччы розных нязвыклых iстотаў.
(Чаго нi наплятуць жаночыя языкi,
тонка ўсмiхаешся ты,
унiкаючы адказу.)
Кашэчы кароль Варгiн
i мышыны Паднор
угамуюць сваiх шматлiкiх падданых,
дамовiўшыся пра нешта з Будзiмiрам,
каралём усiх пеўняў.
Полацкiя чарнакнiжнiкi
нарэшце спахопяцца,
паветра ў карчме загусцее
да кансiстэнцыi палёнкi,
час упакорыцца чарам, i
не будзе нiякай гарантыi,
што мы не выйдзем з карчмы,
цвёрда трымаючыся на нагах,
у пухкую завею
з далёкай свечкаю
на падваконнi шляхцiца Завальнi.
Последнее обновление: 3 февраля 2008 г. Copyright © 2007 Dmitry O. Vinokhodov
|