Сяргей Панiзнiк

Янаў конь


Перад Пятром, пятым днём,
разгуляўся Янаў конь...
3 купальскай песнi
Памяць Нешчарды не стыне,
абагрэтае Купаллем.
Скача Янаў конь з Валыні, –
ў Мурагах i затрымаем.
Конь да шляхцiца Завальнi
мокрай грывай дакранецца...
Пан Баршчэўскi, госць наш дальнi,
узгарацца нашы сэрцы
ад запозненай пяшчоты,
вiнаватасцi пякучай.
На любоў патрэбны годы,
а для чыну – мiг сугучча,
зрух душы, усплёск надзеі...
Да ўрачыстае падзеi
цокаў дожджык зухавата.
Успагодзiлася свята!
Дзе Баршчэўскага паляна, –
рэха не засне нiколi.
Хай гуляе конiк Яна
на мурожыстым прыволлi!

Valid XHTML 1.0 Transitional Valid CSS  
Последнее обновление: 26 февраля 2008 г.
Copyright © 2007 Dmitry O. Vinokhodov